Настаўніца і прадпрымальнік Ірына БАЎТРУКЕВІЧ: “Мне ўсё хочацца рабіць на 100 балаў!”

“Усё геніяльнае проста!” Нешта накшталт такой думкі ўзнікла ў мяне, калі ўпершыню ў байнэце мне сустрэўся сайт KudaPostupat.by. Электронны даведнік для абітурыентаў — настолькі простая, але патрэбная рэч, што было нават дзіўна: чаму ніхто раней не рэалізаваў гэтую ідэю? Быццам бы інтэрнэт-рэсурсаў для абітурыентаў хапае, але сапраўды “жывых” (якія “жывуць” круглы год, а не з красавіка па жнівень), што даюць максімальна вычарпальную і разнапланавую інфармацыю, — дэфіцыт.

Даволі хутка выпала магчымасць пазнаёміцца і з аўтарам праекта: Ірына БАЎТРУКЕВІЧ (дарэчы, па спецыяльнасці настаўнік рускай мовы і літаратуры) прэзентавала яго на Мінскім стартап-уік-эндзе. І не без поспеху! Сёння Ірына Міхайлаўна расказвае нашым чытачам аб сваім прадпрымальніцкім вопыце, які, магчыма, некага натхніць на ўласныя цікавыя праекты.

“Выгадныя прапановы “акул” беларускага інтэрнэту я пакуль адхіліла”
— Раскажыце, калі ласка, аб сваім удзеле ў Мінскім стартап-уік-эндзе. Ці карысна гэта было для вас?

— Мінскі стартап-уік-энд — гэта выдатная ідэя, і яго арганізатары — вялікія малайцы. Але ён разлічаны, канечне, на маладых людзей, якія робяць першыя крокі ў камерцыі і, магчыма, не вельмі добра арыентуюцца ў прававых пытаннях, у эканамічнай сітуацыі. Уявіце, як сябе адчувала я, з маім вялізным вопытам працы ў розных сферах, сярод пачынаючых прадпрымальнікаў! Тым не менш гэта было карысна з пункта гледжання зносін, набыцця новага вопыту самапазіцыянавання. Чаму я вырашыла ўдзельнічаць у стартап-уік-эндзе? Каб заявіць аб сваім праекце, каб аб ім ведалі, каб атры маць цікавыя прапановы, напрыклад, ад інвестараў. Была думка далучыцца да аднаго з буйных парталаў.
— Паступілі цікавыя прапановы?
— Канечне. Маім праектам зацікавіліся дзве “акулы” беларускага інтэрнэту — Tut.by і Rebenok.by. Кіраўнік партала Tut.by Юрый Зісер у асабістай гутарцы прызнаўся, што з маёй прэзентацыі (на якую, дарэчы, даецца пара хвілін) нічога не было зразумела. Прыйшлося правесці для яго індывідуальную, кулуарную, прэзентацыю. Сайт KudaPostupat.by сапраўды мае шэраг арыгінальных задум, адметных спосабаў падачы матэрыялу — гэта, відавочна, яго і закранула.
Магчыма, з пункта гледжання камерцыі зліццё з буйным інтэрнэт-парталам было б выгаднай здзелкай. Але мой праект стаў бы адным са многіх раздзелаў гэтага партала, якім я кіравала б за заработную плату. Верагодна, у мяне быў бы больш малады начальнік, якому трэба было б падпарадкоўвацца. Ведаеце, у мяне для гэтага занадта багаты жыццёвы і працоўны вопыт, і зараз я ўжо магу сабе дазволіць займацца чымсьці больш для душы, чым для кішэні. Таму пакуль я вырашыла не прадаваць свой праект і развівацца самастойна.
— І як, атрымліваецца?
— Планы грандыёзныя! Хацелася б, каб сайт быў гідам, кансультантам, нават нянькай, якая “ўзяла б за руку” і суправаджала старшакласніка да самага моманту паступлення ў ВНУ. Каб, не сыходзячы з сайта, вучань мог атрымаць не толькі інфармацыйную падтрымку, але і псіхалагічную. Сайт, паводле задумы, — гэта адзі ная пляцоўка, на якой павінна быць усё, што хвалюе ўсіх абітурыентаў і кожнага паасобку.
Я таксама была мамай абітурыента і добра памятаю, чаго тады не хапала мне і майму сыну, таму, напаўняючы электронны даведнік, кіруюся ў першую чаргу інтарэсамі дзяцей і іх бацькоў, а не навучальных устаноў. Напрыклад, мне абсалютна зразумела, што рэдкія абітурыенты паступаюць мэтанакіравана на адну спецыяльнасць, большасць жа маюць на ўвазе некалькі спецыяльнасцей, якім адпавядае іх набор сертыфікатаў. І гэта я ўлічыла ў сэрвісе “Інфармацыйнае табло” — яно паказвала маніторынг падачы дакументаў ва ўсе ВНУ, на ўсе спецыяльнасці.
Запланаваны шэраг новых сэрвісаў. Напрыклад, зараз у распрацоўцы знаходзіцца прафарыентацыйны тэст. Хочацца зрабіць арыгінальны, якасны, па трэбны прадукт, які аб’ектыўна аналізаваў бы здольнасці школьніка і даваў не толькі рэкамендацыі наконт сферы дзейнасці, спецыяльнасцей, але і паказваў, дзе гэтыя спецыяльнасці можна атрымаць.
— Ваш сайт перажыў ужо дзве ўступныя кампаніі, ці ўдалося яму стаць запатрабаваным? Вы сочыце за статыстыкай наведванняў?
— Абавязкова! Некалькі разоў у суткі я фіксую наведвальнасць. Гэта самы галоўны паказчык таго, ці патрэбна людзям тое, што я раблю. У самы разгар уступнай кампаніі колькасць анлайн-карыстальнікаў сайта перавышала 800 чалавек. На Tut.by, напрыклад, іх у сярэднім 2000, хаця параўноўваць з гэтым рэсурсам немагчыма: не той маштаб.

"Як мама і педагог я добра ведаю запыты абітурыентаў"
— Вы заўважылі, што ваш вопыт маці зараз дазваляе вам найлепш разумець запыты старшакласнікаў і іх бацькоў. А ваш вопыт рэпетытара? Гэта абітурыенты з іх праблемамі падштурхнулі вас да распрацоўкі электроннага даведніка?
— Я працавала і ў школе, і ў навукова-даследчым інстытуце НАН Беларусі, і ў рэдакцыях газет і часопісаў, але паралельна заўсёды праводзіла індывідуальныя заняткі са школьнікамі. Апошніх 16 гадоў я, галоўным чынам, займаюся рэпетытарствам. Кожны год са сваімі вучнямі праходжу праз усе этапы ўступнай кампаніі і вельмі добра разумею, чаго ім не хапае. А ідэя зрабіць сайт для абітурыентаў узнікла вельмі даўно, калі я пабачыла, як ствараецца інтэрнэт-версія аднаго камп’ютарнага выдання, у якім я працавала. Тады гэта яшчэ было новым.
— Ірына Міхайлаўна, вы перапрацоўваеце і размяшчаеце ў сваім даведніку максімальна поўную інфармацыю аб уступнай кампаніі. Якія вашы ўражанні аб прыёме ў ВНУ ў гэтым годзе?
— Сітуацыя вельмі балючая. Можна зразумець ВНУ, якія абавязаны напаўняць аўдыторыі студэнтамі, але, па маім меркаванні, не павінны вучыцца ва ўніверсітэтах дзеці, якія набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні 2, 3, 4 балы. Сітуацыя патрабуе змен.
Мой асабісты боль — гэта ўзровень ведання рускай мовы ў сучасных школьнікаў. Тое, што я часам чую на занятках, выклікае спачатку смех, а потым хочацца плакаць. Хаця большая колькасць маіх вучняў набіраюць на цэнтралізаваным тэсціраванні ад 80 да 97 балаў.
— А прычына няведання мовы — усё той жа інтэрнэт…
— Мова — гэта жывы арганізм. Развіваецца грамадства — мяняецца мова. Пісьменнасць, па-першае, залежыць ад зрокавай памяці, якая ў сваю чаргу трэніруецца праз чытанне. Колькі чытаюць нашы дзеці? Толькі пры неабходнасці, а літаратуру — у лепшым выпадку ў скарочаным варыянце. Ім гэтыя “Пячорыны і Анегіны” — як Цар Гарох. Больш чытаюць у інтэрнэце, а там памылкі, на іх і “трэніруецца” зрокавая памяць. Па-другое, на ўзровень пісьменнасці ўплывае механічная памяць рукі. Мы, дарослыя, пішам аўтаматычна без памылак, а пакаленне сённяшніх выпускнікоў пісаць не ўмее: яно вырасла на кнопках камп’ютара, мабільнага тэлефона. Па-трэцяе, неабходна веданне правіл. Канечне, дзеці з добрай памяццю і высокай працаздольнасцю могуць запомніць большасць правіл, але школьнікі, на жаль, не прывыклі працаваць, вучыць як след, а тым больш яны не ўмеюць ужываць правілы на практыцы. Ды і вучыць па-сапраўднаму пачынаюць часцей за ўсё толькі ў апошніх класах, каб паступіць.
— Як прымусіць школьнікаў чытаць?
— Прымусіць немагчыма — можна толькі матываваць. Свайму сыну я калісьці прапаноўвала кнігі па інтарэсах — пра футбол, пра музыкантаў. А класічная літаратура зараз далёка не ўсім дарослым цікавая, не ўсе разумеюць сардэчныя пакуты Андрэя Балконскага ці П’ера Бязухава. Кожны год я тлумачу бацькам абітурыентаў, чаму такая сумная сітуацыя з мовай і што іх сын ці дачка, можа, нават разумнейшыя за нас. Проста яны растуць у грамадстве з іншымі матывацыямі і іншымі прыярытэтамі.

“Мне ці-ка-ва! І гэта галоўнае”
— Давайце вернемся да вашага прадпрымальніцкага вопыту. Вам давялося набываць спецыяльныя (напрыклад, тэхнічныя) веды для таго, каб рэалізаваць праект? Хто вам дапамагае?

— Распрацаваць сайт мне дапамог прафесійны праграміст, і зараз я прыцягваю яго для таго, каб дабаўляць новыя сэрвісы, але напаўненнем даведніка займаюся сама. З камп’ютарам я маю справу аж з 1991 года, таму з гэтым цяжкасцей не было. Прыйшлося асвойваць падатковае заканадаўства, бухгалтэрыю. Самай складанай была механічная работа, якую я не люблю, — запаўненне базы навучальных устаноў і спецыяльнасцей. Затое ўдалося сабраць актуальную інфармацыю, якая ўвесь час абнаўляецца.
Многія не вераць, што адзін чалавек можа “цягнуць” такі праект. Але для мяне гэтая праца не цяжар, а задавальненне, асабліва калі дзеці пішуць станоўчыя водгукі, дзякуюць за дапамогу. Мне ці-ка-ва! І працу ў наймальніка за заработную плату з гэтым проста параўноўваць нельга.
— Цікава, а ваш сайт прыносіць прыбытак? За кошт чаго праект накшталт вашага можа зарабляць?
— Пакуль сайт зарабляе толькі за кошт рэкламы. Каля года я не атрымлівала прыбытку ўвогуле, а толькі ўкладвала грошы. Зараз 42% даходу ідзе на падаткі, а астатнія 58% — на развіццё праекта, аплату паслуг спецыялістам, якія час ад часу мне дапамагаюць. Радуе, што сайт заўважылі замежныя навучальныя ўстановы, зацікаўленыя ў размяшчэнні рэкламы. Між іншым мае наведвальнікі — гэта людзі з 70 краін свету. У першую чаргу на сувязь выходзяць суседзі — Чэхія, Польшча, Расія, Літва, а нядаўна напісалі з Анталіі, Міжнароднага каледжа турызму.
Яшчэ адзін спосаб зарабляць праз гэты праект — развіваць платныя сэрвісы, першым з іх стане прафарыентацыйны тэст. Ёсць і іншыя задумы. Колькасць карыстальнікаў сайта расце, ён запатрабаваны. Таму ў мяне няма сумнення ў тым, што праект будзе працаваць далей і прыносіць прыбытак.
— Ірына Міхайлаўна, напрыканцы размовы што вы параіце чытачу, які, магчыма, выношвае ідэю аб адкрыцці ўласнай справы? Якімі рысамі павінен валодаць прадпрымальнік, якія асобасныя якасці дапамаглі менавіта вам?
— Вельмі складанае пытанне. Я сама некалькі гадоў не наважвалася зрабіць першы крок. Каб пачынаць сваю справу, абавязкова патрэбен стартавы капітал альбо інвестар. Трэба ведаць, што неабходна спажыўцу, чаго яму не хапае. Трэба быць адметным у шэрагу прадпрымальнікаў, якія займаюцца нечым падобным. У сферы адукацыі шмат напрамкаў, звязаных, напрыклад, з аказаннем паслуг па развіцці дзяцей — танец, тэатр і многае іншае. Але трэба ведаць сітуцыю “знутры”. Мне, дарэчы, гэта і дапамагае. Асобасныя якасці? Прафесіяналізм, аптымізм, стрэсаўстойлівасць, мэтанакіраванасць і адэкватная ацэнка сваіх магчымасцей. А яшчэ я максімалістка, мне ўсё хочацца рабіць на 100 балаў!

Іна НІКІЦЕНКА
“Настаўніцкая газета”

Даведка
Стартап-уік-энд — мерапрыемства, якое з’яўляецца пляцоўкай для зносін пачынаючых прадпрымальнікаў, аўтараў праектаў і інвестараў. У адрозненне ад расійскага і амерыканскага аналагаў беларускі стартап-уік-энд працуе не толькі з інтэрнэт-праектамі. Вітаюцца самыя розныя ідэі: у галіне арганізацыі вытворчасці, паслуг для бізнесу і насельніцтва (у тым ліку адукацыйных, фінансавых і інш.), распрацоўкі ў галіне новых метадаў гандлю, стымулявання збыту, энергазберажэння. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ІТ-праектам. Чарговы Мінскі стартап-уік-энд пройдзе 1—3 кастрычніка.